СО́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, маскоўскае зледзяненне, рыскае 2-е зледзяненне,
зледзяненне, якое доўжылася каля 110 тыс. гадоў з канца шклоўскага міжледавікоўя да пачатку муравінскага міжледавікоўя, перадапошняе зледзяненне на Беларусі ў плейстацэне. У час найб. пашырэння сожскае ледавіковае покрыва 3 вял. патокамі (нёманскім, мінскім, дняпроўскім) дасягала паўн. межаў Бел. Палесся. Яго адклады прадстаўлены пародамі: марэннымі (валунныя супескі і суглінкі), флювіягляцыяльнымі (пясок, жвір, пясчана-жвіровыя сумесі і інш.) і азёрна-ледавіковымі (стужачныя гліны, супескі, пяскі); іх магутнасць месцамі да 80 м. У цэнтр. ч. Беларусі залягаюць з паверхні, таксама ў складзе Гродзенскага, Навагрудскага, Мінскага, Ашмянскага, Аршанскага і інш. узвышшаў Бел. грады, Цэнтральнабярэзінскай і Аршанска-Магілёўскай і інш. раўнін (гл. адпаведныя арт.). У паласе краявых ледавіковых утварэнняў на Бел. градзе самая высокая адзнака — Дзяржынская гара (345 м), па ёй праходзіць гал. еўрап. Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні Гродзенскага, Навагрудскага і Ашмянскага ўзвышшаў маюць складкава-лускаватую будову. Адступанне С.з. адбывалася стадыйна (Ашмянскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі стадыялы), адзначана некалькімі зонамі краявых ледавіковых утварэнняў і звязаных з імі ўчасткамі мёртвага лёду. На Пн сожскія адклады пахаваны пад тоўшчай парод паазерскага зледзянення. На Пд яны пашыраны ў выглядзе зандраў, якія залягаюць на паверхні ў Палескай нізіне. Сожскі ледавік актыўна ўздзейнічаў на падсцілаючыя пароды, што прывяло да ўзнікнення глыбокіх ледавіковых лагчын, гляцыядыслакацый і адорвеняў палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх парод. Большасць даследчыкаў звязваюць утварэнне адкладаў С.з. з сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення.
А.Ф.Санько.
т. 15, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)